Чытаць арыгінальны допіс па-англійску
Сённяшняе абнаўленне дадае інструменты для абмежавання захавання змесціва ў суполках і каналах, магчымасць выдаліць паведамленне ў пэўную дату ці за перыяд часу, новыя спосабы кіравання аўтарызаванымі прыладамі, магчымасць ананімна размяшчаць паведамленні ў публічных суполках ад імя вашых каналаў — і гэта яшчэ не ўсё!
Мы хочам дапамагчы стваральнікам кантэнту абараніць іх творчасць у Telegram і дадаць упэўненасці, што да яе будзе мець доступ толькі мэтавая аўдыторыя.
Уладальнікі суполак і каналаў, якія хочуць, каб іх допісы дасягалі толькі ўдзельнікаў, могуць абмежаваць перасылку паведамленняў з чата, што таксама забараняе здымкі экранаў і захаванне медыяфайлаў у допісах.
Каб забараніць ці дазволіць карыстальнікам перасылку паведамленняў з чата, адкрыйце старонку звестак аб суполцы або канале > Тып суполкі / Тып канала > Абмежаваць захаванне змесціва.
Карыстальнікі Telegram маюць поўны кантроль над сваім лічбавым адбіткам і могуць у любы момант выдаліць паведамленні з любога чата. А з гэтым абнаўленнем вы цяпер можаце ачысціць гісторыю чата за пэўную дату ці перыяд часу у любым асабістым чаце.
Каб адкрыць календар, даткніцеся да «бурбалкі» з датай, якая ўсплывае падчас гартання, а пасля выберыце дні для выдалення гісторыі.
Пакуль што выдаленне гісторыі чата па датах працуе толькі ў асабістых чатах, але паведамленні ў любым чаце могуць быць наладжаны на аўтавыдаленне праз дзень, тыдзень або месяц па адпраўцы.
Вы можаце карыстацца Telegram на ўсіх сваіх прыладах у адначассе, і меню «Прылады» дазваляе вам сачыць і кантраляваць аўтарызацыі ў ваш уліковы запіс. Мы дадалі новую кнопку для хуткай аўтарызацыі камп’ютараў і наладу для аўтаматычнага выхаду з уліковага запісу на прыладах, якія пэўны час застаюцца неактыўнымі.
Націсніце на любую прыладу ў спісе, каб прагледзець звесткі аб ёй і дазволіць прымаць выклікі або распачынаць новыя сакрэтныя чаты праз яе.
Telegram даступны для ўсіх платформ — на старонцы tg.k8s.li/static/apps можна спампаваць праграму для любой вашай прылады.
Публічныя суполкі і каментарыі каналаў дазваляюць абмяркоўваць любую тэму з тысячамі людзей у адначассе. З дапамогай гэтых суполак нашы карыстальнікі і абаранялі дэмакратыю, і размаўлялі з фанатамі — і мы вырашылі даць ім магчымасць пісаць ад імя канала у гэтых чатах.
Націсніце на аватар профілю побач з полем уводу паведамлення і выберыце адзін з вашых каналаў — і ўсе адпраўленыя пасля гэтага паведамленні будуць мець назву і аватар канала, заместа імя і фота вашага асабістага ўліковага запіса.
Уверсе «бурбалак» паведамленняў таксама будзе паказвацца назва вашага канала.
Ад сёння некаторым мабільным прыладам будзе даступная магчымасць увайсці праз выклік ад Telegram — неабходна ўвесці некалькі лічбаў нумара тэлефона, які тэлефануе вам заместа атрымання кода ў тэкставым паведамленні.
Калі вы пакідаеце запыт на далучэнне да суполкі або канала, і кіраўнік адказвае вам паведамленнем, то вы будзеце бачыць назву гэтай суполкі або канала уверсе вашага чата.
Таксама боты-кіраўнікі змогуць пісаць тым карыстальнікам, якія падалі запыт на далучэнне да іх чата, нават калі карыстальнік да гэтага не запускаў бота. Гэта адкрывае безліч магчымасцяў: ад простага тлумачэння правілаў суполкі перад далучэннем да паўнавартаснага іспыту або запыту ахвяравання на падтрымку аўтараў канала.
У верасні мы дадалі 8 новых тэм, якімі можна было вылучаць асобныя чаты – і цяпер іх можна дастасаваць да ўсёй праграмы на Android (а карыстальнікі iOS ужо мелі такую магчымасць з мінулага абнаўлення).
Налады чата былі поўнасцю перапрацаваныя, даючы новым тэмам пярэдні план. Зробленыя камандай Telegram, кожная з тэм мае дзённы і начны рэжым, каляровыя анімаваныя фоны і градыентныя «бурбалкі» паведамленняў.
І, як усякую іншую тэму, іх можа змяняць пад сябе — да прыкладу, змяніць колеры ўзору. Каб прагледзець дадатковыя магчымасці і налады, націсніце «Прагляд тэм», каб рэдагаваць або распаўсюдзіць свае стварэнні.
На прыладах з iOS 13 і вышэй распазнаванне тэксту працуе на відарысах у чатах Telegram, дазваляючы вам хутка вылучаць і капіяваць тэкст, нават не адкрываючы клавіятуры. Сам тэкст не перадаецца нікуды па-за вашу прыладу, усе працэдуры адбываюцца на ёй.
Падтрымка розных моў у гэтай функцыі рэалізуецца кампаніяй Apple, так што як ваша мова яшчэ не трапіла ў спіс, то сачыце за будучымі абнаўленнямі iOS.
Крыху тоўстага або курсіўнага тэксту стварае правільнае адценне сэнсу ў паведамленні, так што цяпер можаце свабодна карыстацца усімі опцыямі фармаціравання у подпісах да медыяфайлаў – уключна са стварэннем спасылак.
Дарэчы, перш чым вы спытаецеся «а для Android?» – на Android гэта і так можна было рабіць.
Кантакты, суполкі і каналы цяпер маюць новыя старонкі звестак у новым стылі iOS 15.
І пакуль што ўсё. Давайце праверым, ці паспеем мы зрабіць яшчэ нешта да канца года.
7 снежня, 2021
Каманда Telegram